«Сіндбад вяртаецца»

- 1 -
Эрнест Ялугін Сіндбад вяртаецца ЗАМЕСТ УСТУПУ, або Колькі слоў пра маладога журналіста Радзіма Савіліна і яго спадарожніка, якія ляцелі ў Алжыр, але аповесць будзе зусім не пра іх

І я расказаў халіфу аб тым, што са мною здарылася ў гэтае падарожжа… і халіф здзівіўся вельмі і загадаў летапісцам запісаць маю споведзь і пакласці ў казну…

«Тысяча і адна ноч». Казка пра Сіндбада-Марахода

Выпадак часам называюць нібы якую асобу каралеўскага рангу — Яго вялікасць. Яго вялікасць Выпадак — можна і так.

У Юрыя Сяргеевіча было некалькі варыянтаў дабрацца ў Алжыр, куды ён, класны спецыяліст па трактарнай тэхніцы, выпраўляўся ў доўгатэрміновую, не першую ўжо, камандзіроўку. Яго там чакалі, за ім нават павінна была прыйсці машына, трэба было толькі пазваніць па тэлефоне. Нумар тэлефона яму ўручылі разам з замежным пашпартам. У запісной кніжцы Юрый Сяргеевіч меў яшчэ тры ці чатыры нумары алжырскіх тэлефонаў (праўда, амаль пятнаццацігадовай даўнасці), па якіх ён мог пазваніць пры патрэбе. А па адным — то абавязкова, пры першай жа магчымасці.

- 1 -