«Чарадзейныя яблыкі»

- 1 -
Юрый Татарынаў Чарадзейныя яблыкі Чарадзейныя яблыкі I

Калі студэнт, які забавіўся ў час вакацый, раптам успомніць пра родны дом, значыць, у яго канчаюцца грошы. Гэта няхітрая ісціна ці не тычылася і нашага героя.

Сябры зазвычай называлі яго Бока, скарачаючы гучнае прозвішча — Бачкароў. А забавіўся ён у адным з гарадкоў Латвіі, якая стала для нас далёкай. Цяністыя скверы, крамкі, рэстарацыі, нібыта лакіраваныя, брукаванкі, цэрквы і абавязкова кветкі на кожным рагу, а то базарчык, клумба ці звычайныя могілкі,— усё гэта закружыла хлопцу галаву, захапіла, як захапляе ўсмешка панны. Яму не хацелася ад'язджаць, але што было рабіць.

Білета да свайго роднага Полацка набыць яму не ўдалося. І тады ён узяў білет на спадарожны аўтобус. Так і апынуўся ў Асвеі.

Ён трапіў у Асвею позна ўвечары. Адразу ж, на вакзале, даведаўся, што бліжэйшы рэйс на Полацк — толькі а дзесятай гадзіне раніцы. А гэта азначала, што сёння яму яшчэ трэба паклапаціцца пра начлег.

Застаўшыся сам-насам з шырокім неасфальтаваным пляцам, над якім кружылася воблачка пылу пасля аўтобуса, што накіраваўся ў гараж, наш герой меў такое адчуванне, якое бывае ў момант няўдачы пасля некалькіх дзён шчасця і ўцех. Яму было сумна, таму што апынуўся

- 1 -