«Грот афаліны»

- 1 -
Павел Місько Грот афаліны Частка першая Вясёлы архіпелаг Раздзел першы 1

Чуткі пацвердзіліся: султан Муту (каб яму жыць яшчэ сто гадоў і ўсе сто ракам поўзаць!) прадаў іх востраў, іх любімы Біргус, амерыканцам за паўмільёна долараў. Казалі, быццам султану не хапала грошай на новыя ножны для крыса. А ножны не простыя — адлітыя з золата і ўпрыгожаныя брыльянтамі. Такі крыс — сімвал Вярхоўнай улады. Падобныя крысы ёсць толькі ў раджы Яго Вялікасці Вярхоўнага Правіцеля Малайзіі і ў брунейскага султана. Далёка Малайзія і Бруней, не адна тысяча кіламетраў. Той-сёй называў іншую прычыну продажу: любіў Муту наладжваць пышныя шэсці і прадстаўленні, вельмі падабалася, як неслі яго расквечаныя партрэты, вадзілі двух купленых для такіх урачыстасцей белых сланоў. Дык дзіва што будзе пустая казна!

Людзі сядзелі пад баньянам, Дрэвам Сходаў. Прыйшлі нават жанчыны і дзеці, хоць іх ніколі сюды не пускалі. Немаўляты і гадавалыя малышы былі ў мацярок на руках, гучна смакталі грудзі і зіркалі вачанятамі на людзей. На добры лад, то хіба тут месца жанчынам і дзецям? Тут толькі старэйшым мужчынам дазвалялася мудра маршчыніць ілбы і чухаць патыліцы.

- 1 -