«Скарб Загорскай камяніцы»

- 1 -
Мікола Ваданосаў Скарб Загорскай камяніцы Ад аўтара

Кожны раз, калі я вяртаюся ў вёску Пабярэжжа, у той куточак, дзе прайшло дзяцінства, даўняе пачуццё шчымлівай радасці агортвае мяне.

Калі я зноў прыехаў туды на маршрутным аўтобусе апоўдні, вёска сустрэла мяне цішынёю. Аўтобус пайшоў далей, а я стаяў на шырокай вуліцы і — у які ўжо раз! — не пазнаваў вёскі. З маленькай, у два дзесяткі хат, якія шнурочкам цягнуліся да ракі, яна ператварылася ў ладны пасёлак, дзе ёсць магазін, пошта, дзе на ўскраі віднеецца цагляная школа-дзесяцігодка.

На вуліцы — ні душы. Час гарачы, самы сенакос, а паплавы каля ракі тут адменныя, цягнуцца на цэлыя кіламетры.

Я ўжо хацеў было пашыбаваць у кантору калгаса, як заўважыў, што насупраць адчыніліся веснічкі, і высокі стары дзед з кіёчкам паціху выйшаў на вуліцу і прысеў на лаўцы, што стаяла каля плота. «Хто ж гэта? — не пазнаў я старога. — Адкуль ён тут узяўся?» Я падышоў, аддаў «дзень добры» і спытаў:

— Ці не падкажаце, дзе мне знайсці Аляксандра Міронавіча, вашага брыгадзіра?

Стары слухаў мяне, прыклаўшы да вуха далонь.

— Ды не брыгадзір ужо ён, — адказаў дзед. — Міронавіч у нас за старшыню цяпера…

- 1 -