«Дзве душы»

- 1 -
Максім ГарэцкіДзве душы I

Памешчык сярэдняй заможнасці пан Абдзіраловіч заўдавеў у 1890 годзе дужа трагічна.

У адну душную, цёмную летную ноч варочаўся ён з жонкаю дамоў з балю, на якім гуляла шляхецтва з усяго павета.

Баляванне было вялікае. Шампанскае лілося як рака. Клум, гоман, грыменне прывезенага з N. аркестра далёка нясліся з ярка асветленага панскага палаца па старыннаму заглохламу парку, насаджанаму рукамі падданых за каралём Панятоўскім, пераляталі заплытае возера з шумячым чаротам і трапетна шэпчучым уноччы трасніком, каціліся, засмутнела слабнучы, цераз сонны фруктовы сад і каналі на дварох спячай вёскі.

Сярод агульнай нясудзержнай весялосці і скокаў, пад налезаннем начы і музыкі, маладую, нэрвовую паню зняцейку агарнуў нез'яснімы сум, і яна вельмі напужала мужа, настойліва бажала зараз а зараз ехаць дамоў, дзе астаўся іх першачок, трох месяцаў Ігналік.

— Але ж, дуся, — уставаў з-за картэўнага століка, прабаваў рассеяць прадчуцці аб няшчасцю агорчаны пан-муж, — яшчэ гэтак рана… Усё спакойна… У нас зыйшлася добрая партыя…

Паня раптам уся задрыжэла. Слёзы пырскнулі з воч і абпяклі яго руку.

— Ігналік мой… Ігналік… Барджэй дамоў, да яго…

- 1 -