«На імперыялістычнай вайне»

- 1 -
Максім ГарэцкіНа імперыялістычнай вайне

Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы

Лагер

Тэрмін службы для вальнапісаных пачынаўся ў расійскім войску 1 ліпеня. Дык у самым канцы чэрвеня 1914 года, ехаў я ў бязлюдным вагоне трэцяга класа па знямелых ад пякоты і пылу і такіх убогіх жмудскіх палях у N-скую артылерыйскую брыгаду, што кватаравала ў глухім і невядомым мястэчку недалёчка ад нямецкае граніцы.

Запякло на сэрцы, калі цягнік падходзіў да станцыі нуднай, быццам тая ўжо казарма. Вакол — жоўтыя, голыя пустыры. Усё заліта нуднаю гарачынёю. Усё соннае, пыльнае, ціхае. Выхадзі — як на пакуту.

Але ў пустых і засмечаных казармах, у цёмным і непрыветным канцылярскім пакоі, даведаўся я толькі ад сухога і цьмянага чарнавусага кашчэя-пісара, што мог сюды я і не ехаць: брыгада была ў лагеры, у суседняй губерні, вёрст за сто адгэтуль.

— Чаму ты не ехаў проста туды?

— Куды мяне паслалі, туды я і прыехаў, — адказаў я кашчэю са злосцю, што ён гаворыць мне «ты» і што такія ў іх парадкі.

Кашчэй толькі ўсміхнуўся, ціха загадаў другому пісару:

— Напішы яму пасведчанне да лагеру, а білет хай купіць на свой кошт…

— Чаму так? — не ўмоўчаў я.

— Таму, што па прыказу цябе ў нашай брыгадзе яшчэ няма… Спаганяй з свайго вайсковага начальніка.

- 1 -