«Золак, убачаны здалёк»

- 1 -
Янка БрыльЗолак, убачаны здалёк

Думаю пра сябе, а гляджу на яго.

Думаю пра яго — і самога сябе раскрываю.

М. Прышвін 1

Рака шырокая, пакуль што чыстая, трыснёг, лаза і асака абноўлена зялёныя, сонца зноў, як штогоду, грэе па-летняму, і ліпа ў самай квецені, гудзе ад цямна да цямна. Сяджу пад ёю ў халадку, і гуд пчаліны люба пяе ад высокай травы, да якое звісае духмянае голле, і ў самае неба, ажно тая ліпа варушыцца ўся. Пчол, паважаючы працу, баяцца не трэба. Можна зблізку паназіраць, як яны робяць сваё. Бясконцае, нястомнае і вельмі важнае.

Ліпа тут, над ракой, на ўзлессі, не адна. За палянай, дзе пачынаецца белая грэчка, стаяць яшчэ чатыры такія красуні, таксама ў шчодрай духмянасці і неабсяжным гудзе.

- 1 -