«Сэрца мармуровага анёла»

- 6 -

Задача дзяўчат была нескладаная. У дэканаце ім выдалі спіс адзінокіх старых. Належала наведацца па кожным адрасе і распытаць іх пра надзённыя патрэбы. Вядома, гэта не азначала, што ўсе патрэбы будуць задаволеныя. Разумелі гэта і старыя… Галоўнае, што да іх нехта прыйшоў, пагаварыў пра набалелае, выслухаў…

— Гатовыя сюжэты для апавяданняў,— бурчэла Светка, калі яны прабіраліся доўгім цёмным калідорам да чарговага пакойчыка. А там — прапахлы лекамі апошні прыпынак чалавечае дарогі, якая са скрыжавання юнацтва бачыцца бясконцай і прывабна таямнічай, і нельга нават падумаць, што калісьці давядзецца апынуцца на такім жа сумным прыпынку.

Кожны візіт — паўгадзіны. Надта ўжо радаваліся гаспадары маладзенькім гасцям. І Магдаліна, да засмучэння сяброўкі, не магла не затрымацца. Ды і самой было цікава паслухаць, параспытваць.

Азызлая, нізкагалосая старая з іранічнай усмешкай на тонкіх вуснах распавядала пра Маскву трыццатых гадоў, паказвала выцвілыя афішкі і праграмкі канцэртаў. Нават дала пакруціць у руках чорны карункавы веер з ручкай са слановай косці і перламутравы тэатральны бінокль у футарале са змяінай скуры.

Старэча, сухі і светлы, як букет мінулагодняга быльнягу, у незвычайна прасторным пакоі з паўкруглымі вокнамі, відаць, колішняй гасцёўні, натхнёна распавядаў пра выступ Маякоўскага ў клубе іхняга завода.

- 6 -