«Сэрца мармуровага анёла»

- 5 -

Магдаліна Дарбут нагаворвала на сябе. І рукі ў яе былі ўмелыя, і сама яна — стройная, гнуткая, валасы цёмнай капой — вабіла вока, нават у самай нязграбнай вопратцы. Прыгажосць, якая не ведае сама сябе… Бровы ўзлятаюць гарэзна і крыху здзіўлена. І ў тонкіх рысах твару — чаканне шчасця і палёту і неўсвядомленая трывога — як на карцінах Батычэлі. Вось толькі сустрэнецца з паглядам зялёных вачэй выпадковы залётнік — і свой пагляд адвядзе, і пашыбуе далей, да лагодных і зразумелых.

А веснавыя сонечныя зайчыкі скакалі па лужынах, па мокрым каменні брукаванкі, зазіралі ў сляпыя вокны двухпавярховых прысадзістых дамоў, нібыта адтуль маглі выглянуць шчаслівыя абліччы.

Але гэта быў раён камуналак. Некалі жылі тут шаноўныя купцы, ружавелі круглыя твары іхніх жонак, грэліся на вокнах таўсматыя коткі… Магчыма, што з цікавасцю паглядалі тыя жонкі, як вядуць у кайданах па вузкай брукаванай вулцы ўдзельнікаў разгромленага ў Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі паўстання…

Але Магда пра гэта думала роўна столькі ж, як і вераб»і, што купаліся ў лужынках перад бруднымі пад» ездамі.

- 5 -