«Сівая легенда»

- 1 -
І

Светлейший отец, подавай нам деньгу,

Иль скарб твой достанется в руки врагу.

К.Меер

На пачатку мая ў Быхаў прымчаў на ўзмыленым кані ганец.

Конь зваліўся ля самай брамы замкавай вежы, а коннік пераляцеў цераз яго галаву і, як мёртвы, расцягнуўся ў пылу.

Гэты ледзь жывы чалавек прывёз мне загад майго гаспадара, пана Аляхно Кізгайлы. Я, Канрад Цхакен, павінен быў не марудзячы пакінуць Быхаў і на чале сваіх трох соцень швейцарцаў спяшацца ў замак Кізгайлы. Разам з граматай прыбылі грошы на куплю новых коней і вусны загад аб тым, што жывёлы не трэбы шкадаваць.

На пытанне, што прымусіла пана быць такім паспешлівым і марнатраўным, ганец ледзь здолеў прахрыпець:

– Воўк вырваўся з логава...

Яму ўжо сядлалі другога каня, і праз хвіліну ён памчаў у трэці замак Кізгайлы, у Збароў.

Я не ведаў, хто быў гэты воўк. Але швейцарац, калі яму добра плацяць, не патрабуе паўторнага загаду.

Кізгайлу было пажадана, каб мы загналі коней, – мы загналі іх і роўна праз суткі прыскакалі ў Кісцяні, дзе нас гэтак нецярпліва чакалі і дзе чагосьці так моцна баяліся. Баяліся, аднак мост, на наша здзіўленне, быў апушчаны.

- 1 -