«У дрымучых лясах»

- 1 -
Harry Games
Змітрок БядуляУ дрымучых лясах Паўвека таму назад

Навакол, куды ні глянеш, шумелі лясы.

З аднаго боку высіліся бронзавыя хваіны, з другога боку гарызонт быў заслонены разнастайнай лісцяніцай. Калі над зубчатымі грэбнямі лясоў разгульвалі вятры, хаты маленькага мястэчка Пасадзец былі аглушаны гулам лясоў, нібы шумам своеасаблівых вадаспадаў.

Звінелі шыбы акон. У комінах вятры свісталі, вылі, галасілі, рагаталі. Дарослыя людзі глядзелі ў вокны, ківалі галовамі, гаварылі аб сухавеях, якія прагульваліся тут дзесяткі год таму назад. Быў тады сухмень. Прапаў ураджай. Людзі гінулі з голаду, нібы мухі.

На мяне гэтыя гутаркі наганялі страх. Бабуля гаварыла, што ў лясах і балотах чэрці вяселле спраўляюць — ад іх і вецер. Калі б трапіць на полі ў самую крутню ветру, што ўзнімае лісце і пыл і круціць на адным месцы, нібы ў паветраным віры, ды кінуць туды нож, гартаваны тры разы і апушчаны ў ваду тры разы, — нож трапіць у чорта. На нажы будзе кроў. Калі гэтай крывёй вымажаш лоб, станеш невідзімкай.

Ужо, калі я вучыўся ў школе, я аднаго разу прабаваў так зрабіць, але кроў не паказалася. Я быў упэўнены, што няправільна падрыхтаваў нож для такой важнай справы. А мне так хацелася зрабіцца невідзімкай, каб уцячы са школы…

- 1 -