«Таямнічы надпіс»

- 5 -

— Таямнічыя літары вось тут, наверсе, — паказаў Васілёк на самы высокі штабель бярвенняў.

— Ат, таямнічыя, таямнічыя, — насмешліва махнуў рукой Жэнька, — гаварыў бы проста: «нейкія літары».

— Але ж тут і сапраўды нешта напісана… — пачуўся зверху голас Толіка. Ён ужо сядзеў на верхнім бервяне штабеля і ўважліва разглядаў пацямнелыя ад часу літары…

Да Толіка на бярвенне пачалі адразу ж узбірацца ўсе хлопчыкі. Дзяўчынкі стаялі ўнізе і патрабавалі, каб ім абавязкова аб усім дакладвалі.

— Вось гэта не то «Г», не то «Т», — паказваў Васілёк, які ўжо сядзеў побач з Толікам.

— Гэта «Т», — выказаў думку Толік, — бо за ім ідзе «у», потым зноў «т», і атрымліваецца «Тут».

— А далей нічога не разбярэш, — уздыхнуў Васілёк.

— Пусці мяне, — папрасіў Жэнька, адхіляючы Васілька.

— Не пушчу… — заўпарціўся Васілёк.

— Гэта чаму?

— Ты ж нават не хацеў сюды ісці.

— А цяпер захацеў! — адказаў Жэнька і, адціснуўшы Васілька, нахіліўся над бервяном. — Вось гэты серпік, напэўна, азначае «С», а крыжык — «X», — здагадаўся ён, прыглядваючыся да літар.

— Разгаданы яшчэ дзве літары «с» і «х», — перадаў дзяўчынкам апошнія навіны Васілёк.

— Далей ідзе літара «А», якая зусім добра захавалася, — паведаміў Жэнька. — А за ёй «В» і зноў «А».

— Вось і атрымліваецца «Тут схавана», — падагуліў Толік.

- 5 -