«Таямнічы надпіс»

- 4 -

— Васілёк заўсёды і ва ўсім бачыць незвычайнае і таямнічае, — абыякава махнуў рукой Жэнька. — Давайце лепш абмяркоўваць маршрут падарожжа.

— Не, ты пачакай, — перапыніў Жэньку Толік, — трэба ўсё дакладна высветліць.

— Вядома, трэба, вядома… — загаманілі і другія хлопцы і дзяўчаты.

— А ты скажы, дзе гэтыя літары знаходзяцца: бліжэй да камля ці да верхавіны? — спытаў Васілька Толік.

— А можа, іх дрывасекі выразалі? Якія-небудзь умоўныя знакі? — выказаў сваю думку Жэнька.

— Ды не! Яны зусім невысока, каля самага спіленага месца, і такія даўнія, што іх цяпер і разабраць цяжка, — даводзіў сваё Васілёк. — Таму я і лічу іх таямнічымі.

— Ну, добра, — сказаў Толік, — давайце сходзім, паглядзім.

— Ат, толькі час дарэмна патрацім, — недаверліва прабурчэў Жэнька. — Нехта нажом чырыкнуў па кары, а ён — таямнічыя літары…

Аднак, падпарадкоўваючыся большасці, пайшоў за сябрамі і Жэнька.

Вёска Ляхаўцы, дзе адбывалася гэтая падзея, у час вайны была амаль дашчэнту знішчана фашыстамі. Цяпер вёска адбудавалася і стала прыгажэйшай, чым была раней. Калгаснікі з зямлянак перасяліліся ў новыя дамы. Для дзяцей пабудавалі новую, двухпавярховую школу. У цэнтры сяла вырас прасторны клуб, побач з ім — будынкі сельскага Савета і ўрачэбнага ўчастка.

А вясной пачалося будаўніцтва калгаснай электрастанцыі. Сюды і прыбеглі школьнікі.

- 4 -