«Таямнічы надпіс»

- 3 -

Толік заўсёды быў спакойны, разважлівы. Ён ніколі не гарачыўся, перш чым што сказаць, абдумваў, і за гэта яго вельмі паважалі ўсе вучні. А некаторыя, як, напрыклад, Жэнька Караваеў і Васілёк, проста былі ў захапленні ад яго і дапамагалі яму ва ўсім. Толік быў рэдактарам класнай насценнай газеты, а Жэнька і Васілёк — карэспандэнтамі. І трэба сказаць, што газета 7 «А» класа лічылася найлепшай у школе. Пачытаць і паглядзець, як яна аформлена, прыходзілі вучні і з старэйшых класаў. Адначасова Толік быў старшынёй краязнаўчага гуртка.

— Я знайшоў,— гаварыў ужо крыху спакайней Васілёк, — нейкія таямнічыя літары…

— Якія літары, дзе? — захваляваўся нецярплівы Жэнька.

— На будоўлі электрастанцыі… Маці паслала мяне набраць трэсак, там пачалі ўжо часаць бярвенні. Я пабег, набраў паўнюткі мех і хацеў ужо ісці дахаты. А потым мне захацелася ўзлезці на штабель бярвенняў і паглядзець з вышыні на нашу вёску.

— Хопіць, хопіць, — перапыніў яго Жэнька. — Занадта вялікі ўступ. Гавары аб справе.

— Ну дык вось, — працягваў Васілёк, — я залез на самы верх і раптам убачыў на адным бервяне нейкія таямнічыя літары.

— Якія літары?

— Я… я… яшчэ добра не ведаю…

— Дык чаму ж яны таямнічыя?

— Мне так здаецца.

- 3 -