«Залатая дзіда»

- 1 -
Алесь Якімовіч Залатая дзіда Аповесці Залатая дзіда Частка першая ВАМПІР І НАРКАМАФІЯ Спякота ў джунглях

Лінкан (хоць яму нядаўна і мінула трыццаць тры гады) такога спякотнага лета, як гэтае, не памятаў. Бязлітаснае сонца нерухома вісела над самымі джунглямі. Нават папугаі — гамонкія шчабетуны — схаваліся пад шырокімі лісцямі дрэў.

Лінкан моўчкі "пазіраў на шырокую, выпаленую сонцам паляну, на якой мужчыны ягонага племені мапучэ не раз гулялі ў чуэка. Падобную гульню — хакей з мячом — Лінкан бачыў у белых (тры гады пражыў ён сярод іх у чужым, няўтульным для яго горадзе). Праўда, у хакей з мячом белыя гуляюць клюшкамі і ярка-аранжавым мячом. А ў іх, у мапучэ, замест гэтага драўляны шар і доўгія кіі, закругленыя на адным канцы, якія, як і сама гульня, называюцца чуэка. Трэба мець вялікі спрыт, каб стукнуць чуэкай па маленькім шарыку і забіць яго ў вароты праціўніка. Не раз ён, Лінкан, падкідаў у паветра драўляны шар і штосілы біў па ім. Са свістам ляцеў шар, рассякаючы пругкае паветра.

Ды цяпер не да любімай гульні. Сонца спальвае кукурузу — маіс, на агародах гінуць пад спякотнымі промнямі фасоля, перац, бульба… Крадком выціраюць слёзы жанчыны.

З паселішча выйшаў Анту і накіраваўся да Лінкана. Яны разам раслі і сябравалі з дзяцінства.

— Правадыр, — прамовіў Анту, падышоўшы да яго, Лінкана.

- 1 -