«Падары нам дрэва»

- 1 -
Янка Сіпакоў Падары нам дрэва Блуканне па іншасвеце Пад нагамі ў мурашоў

— Зірні, зірні, што гэта такое? — здзівілася Юля.

Яны сядзелі пад яблыняю на коўдры, пасланай на маладую зялёную траву, і паўтаралі хімію — рыхтаваліся да прадметных залікаў і неўзабаўных выпускных экзаменаў у школе. Але вучыць ужо нічога не хацелася — больш думалася не пра выпускныя, а пра ўступныя экзамены ва універсітэт, куды яны разам збіраліся паступаць: яна — на біяфак, ён — на гістарычны факультэт.

У Радзіма не ўсё было добра з хіміяй, — не, хлопец ведаў яе, але не на пяцёрку — і таму ён вельмі сур'ёзна адносіўся да заняткаў з выдатніцай Юляю, для якой гэты прадмет, здаецца, быў самы лёгкі.

Збіраўся разам з імі ісці яшчэ і Губашлёп — так усе ў школе звалі Юрася Кулету — але яны ўцяклі ад яго ў калгасны сад: Кулета вельмі любіў пагаварыць і з ім наўрад ці ўдалося б адкрыць падручнікі. Але хутчэй за ўсё яны ўцяклі з іншае прычыны — проста ім захацелася пабыць удваіх…

- 1 -