«Левы рэйс»

- 3 -
Harry Games

Лапкоў ведаў і Сіманькова і Панфіловіча. Абодва працавалі на базе грузчыкамі. У той дзень, як вынікала з іх тлумачэнняў, пасля работы яны затрымаліся ў старожцы — гулялі з вартаўніком у даміно. (Вартаўнік Трацэўскі пацвердзіў гэта.) Калі пайшлі, было ўжо цёмна. Селі на матацыкл. Сіманькоў уключыў фару. Дарога была бязлюднай, і яны паехалі. Хуткасць трымалі невялікую — кіламетраў пяцьдзесят. Грыбоўскі выбег на шашу нечакана. На асфальце, як было адзначана ў пратаколе, застаўся след: матацыкл крута вільнуў у правы бок. І не віна Сіманькова, што не ўдалося пазбегнуць сутыкнення. Кола ўдарыла Грыбоўскага, і ён упаў на асфальт.

Лапкоў закрыў папку і ўздыхнуў. Корзун папрацаваў старанна. Усё выглядала правільным, абгрунтаваным. Хоць бяры ручку і падпісвай.

— Ты не сумнявайся, — па-свойму зразумеў яго задумлівасць Корзун. — Яны паводзілі сябе як належыць. Сіманькоў паклаў Грыбоўскага ў люльку і павёз у бальніцу, а Панфіловіч застаўся на месцы папільнаваць, каб машыны не сцёрлі сляды.

Усё гэта Лапкоў толькі што прачытаў, лейтэнант мог яму і не напамінаць. Таму крыху сухавата сказаў:

— Да цябе прэтэнзій няма.

Корзун здаволена пасміхнуўся і прапанаваў:

— Калі хочаш, можаш агледзець матацыкл, ён у нас.

- 3 -