«Левы рэйс»

- 1 -
Уладзімір Шыцік Левы рэйс Другая версія

У невялікіх гарадках усе ведаюць адзін аднаго. Пачуўшы пра гібель Грыбоўскага, Лапкоў засмуціўся. Яны не былі блізкімі знаёмымі, але гэты чалавек яму падабаўся. Напэўна, сваім адкрытым прыветлівым тварам. Сустракаючыся, Лапкоў заўсёды стараўся павітацца першы.

Смерць сама па сабе жахлівая. Недарэчная, трагічная — тым болей. Грыбоўскі трапіў пад матацыкл перабягаючы дарогу…

Магчыма, каб Лапкоў не быў начальнікам раённага аддзялення аўтаінспекцыі, ён, шкадуючы сімпатычнага яму чалавека, не прыняў бы трагічны выпадак так блізка да сэрца. А зараз ён адчуваў нібы і сваю віну, бо не быў нават у той час у горадзе. Быццам адна яго прысутнасць магла стаць гарантыяй ад падобных здарэнняў.

З раніцы Лапкоў паспяшаўся ў райаддзел. Выпадак быў надзвычайны — загінуў чалавек, і, перш чым выканаць неабходныя фармальнасці на падставе заключэння людзей, якія займаліся гэтай справай, яму хацелася самому азнаёміцца з усімі дэталямі.

— А-а, інспектар, — здзівіўся яго ранняму візіту лейтэнант Корзун. — Падводзяць шафёры?

— Бяда з гэтымі аматарамі. Вадзіць як след не навучацца, а на ўвесь спідометр выціскаюць. Добра, што хоць сам жывы застаўся. А «Жыгулі» — блін. Шкада. Груду лому ўчора прывёз, — ён кіўнуў на акно, якое выходзіла ў двор міліцыі.

- 1 -